Паважаныя чытачы! Кніжны фонд ДУК «Дзятлаўская раённая бібліятэка” папоўніўся новым выданнем – “Генацыд беларускага народа. Спаленыя вёскі”. Гэта працяг вядомай серыі кніг Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь пра злачынствы нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Асаблівасцю навінкі стаў яе інтэрактыўны фармат. З дапамогай размешчаных у тэксце QR-кодаў чытачы могуць перайсці да пратаколаў дапытаў ваенных злачынцаў, сведчанняў відавочцаў, азнаёміцца з архіўнымі дакументамі і паглядзець відэаролікі, падрыхтаваныя прафесіяналамі і агучаныя дыктарамі.
Прадстаўленае выданне – не толькі журботны рэквіем па знішчаных беларускіх вёсках і іх жыхарах, але і рашучае супрацьстаянне спробам фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе прыведзены атрыманыя Генеральнай пракуратурай падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа доказы масавага спалення карнікамі вёсак на акупаваных тэрыторыях БССР, у якіх было знішчана або спалена жыўцом мірнае насельніцтва.
Дадзенае выданне з’яўляецца працягам цыкла кніг “Генацыд беларускага народа”, якія змяшчаюць навукова пацверджаныя вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, а таксама спадарожныя архіўныя матэрыялы, паказанні сведкаў і відавочцаў.
Матэрыялы выдання ўяўляюць цікавасць для шырокага кола чытачоў: службовых асоб дзяржаўных органаў і арганізацый, навуковых і музейных работнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшай і сярэдняй адукацыі, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.