23 кастрычніка ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася чароўная сустрэча з добрай казкай. Лялечны тэатр “ЧытайКА” ладзіў для вучняў 1 класа ДУА “Сярэдняя школа №3 імя І.Ю. Філідовіча” лялечны спектакль “Как ёжик счастье искал”.
Перад спектаклем адбыўся сапраўдны дыялог з юнымі ўдзельнікамі. Кожны хацеў адказаць на пытанне “Што такое шчасце?”. Адказы былі вельмі розныя, але кожны зразумеў, што шчасце — гэта не рэч, а пачуццё, якое жыве побач, калі ты ўмееш быць добрым і ўважлівым.
З першых хвілін спектакля дзеці акунуліся ў атмасферу ляснога падарожжа, дзе маленькі, але вельмі дапытлівы Ёжык адправіўся на пошукі шчасця. Ён сустракаў лясных жыхароў, задаваў пытанні, трапляў у вясёлыя сітуацыі — а разам з ім шукалі адказы і самі гледачы. Яскравыя лялькі, жывыя дыялогі і кранальныя моманты выклікалі ў дзяцей шчырыя эмоцыі: смех, здзіўленне, спачуванне. Спектакль стаў не проста забавай, а сапраўдным урокам дабрыні, сяброўства і разумення.
Пасля спектакля юныя гледачы з упэўненасцю адказалі на пытанне, дык што ж такое шчасце. Дзеці зрабілі памятнае фота з любімымі героямі, танцавалі пад відэакліп “Мульт-песенка о счастье”. З задавальненнем сталі чытачамі бібліятэкі.









