Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ў фармаце дыялогавай пляцоўкі прайшла патрыятычная гадзіна, прысвечаная Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, партый і грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза. Экскурс у гісторыю і тэматычная выстава ад работнікаў бібліятэкі пагрузілі прысутных у віхуру тых далёкіх лёсавызначальных гадоў. Было адзначана, што Кастрычніцкая рэвалюцыя сыграла ключавую ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці і аказала глыбокі ўплыў на сусветную гісторыю, змяніўшы палітычныя і сацыяльныя працэсы ў дзясятках краін. Праграму дыялогавай пляцоўкі прадоўжыла выступленне спікераў. Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская падкрэсліла, што сучаснікам рэвалюцыі з ліку простага народа жылося цяжка, але складаней было зрабіць маральны выбар. Тым не менш, калі салдатам, якія прысягалі царскай арміі, загадвалі страляць у сваіх, яны складвалі зброю. У свядомасці людзей адбыўся пералом на карысць жыцця, свабоды, будучыні. 1917 год заклаў у характарах нашых продкаў тое, што дазволіла народу ў далейшым выстаяць у савецка-польскую вайну, польскую акупацыю, Вялікую Айчынную вайну, а нам, нашчадкам тых моцных духам людзей, будаваць сучаснасць з упэўненасцю, што мы ведаем мінулае, цэнім стабільнасць і мір, любім свае сем’і. Што без гісторыі няма праўды, прысутным нагадаў старшыня раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Дзмітрый Малочка. Ён зазначыў, што сёння адзіная краіна свету, якая адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта Беларусь. Спікер прызнаўся, што нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, застаў шмат знакавых падзей, і галоўнымі святамі вялікай краіны Саветаў былі Дзень Перамогі і “Кастрычніцкія”, удзел у якіх прымалі ўсе ўстановы і арганізацыі. У такія дні адкрываліся важныя аб’екты, праходзілі мітынгі і маршы, ладзіліся ўрачыстасці з узнагароджаннямі. Думку прадоўжыў старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі, які ў 80-х гадах жыў у Тбілісі Грузінскай ССР. На Каўказе таксама Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаўся шырокамаштабна. Усё таму, што простым рабочым і сялянам рэвалюцыя адкрыла дарогу да роўных правоў, адукацыі, у тым ліку вышэйшай, магчымасць займаць кіруючыя пасады. Галоўным пасылам свята было яднанне шматнацыянальнага савецкага народа, сёння ў Беларусі гэта традыцыя перанесена яшчэ і на Дзень народнага адзінства. Аляксандр Станіслававіч пажадаў усім суайчыннікам не забываць гісторыю, абараняць лепшыя набыткі Кастрычніка, мірна жыць на сваёй зямлі. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка прызнаўся, што таксама яшчэ застаў лепшыя савецкія традыцыі, калі быў школьнікам. Ён заклікаў прысутных не забываць сваё мінулае, паколькі цяперашнія жыхары Дзятлаўшчыны – пераважна нашчадкі ранейшых сялян, якія шмат і цяжка працавалі, і менавіта рэвалюцыя дала ім лепшы лёс, а нам, сучаснікам, дапамагла стаць тымі, хто мы ёсць. Няхай памяць аб мінулым дапамагае нам будаваць шчаслівую будучыню, заснаваную на справядлівасці, салідарнасці, павазе да гісторыі.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.