Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча ў фармаце круглага стала, на якую сабраліся прадстаўнікі арганізацый, члены грамадскіх аб’яднанняў, дзятлаўчане.
Удзельнікамі дыялога сталі старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык, старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Суравец, першы сакратар РА ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
– Шлях да адзінства быў нялёгкім. 17 верасня – дата, якая сімвалізуе гістарычную справядлівасць. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе пачаўся працэс уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Сям’я зноў стала адзінай, – задалі тон размове вядучыя мерапрыемства.
Адзінства краіны – гэта тая жыццёвая сіла, якая дапамагла нашаму народу выстаяць у самыя жудасныя гады Вялікай Айчынай вайны, вярнуць разбураную краіну да жыцця ў складаны пасляваенны час, сёння будаваць суверэнную, мірную і квітнеючую дзяржаву.
– Гэты дзень з’яўляецца той ніццю, якая злучае нас з гістарычным мінулым і сучаснасцю. Кожны з нас, дзе б ён ні знаходзіўся: на сваім рабочым месцы, за школьнай партай – робіць нашу гісторыю, будучыню. Наш святы абавязак – захаваць мір і незалежнасць, каб наша краіна прыгажэла і багацела з кожным годам, – адзначыў Генадзь Суравец.
Кацярына Хілімончык падзялілася ўспамінамі сваёй бабулі аб тым цяжкім жыцці пад панскай Польшчай, таму яна памятае яе наказ: захаваць тое, што сёння маем, і перадаць гэту спадчыну будучым пакаленням.
Павіншаваў з надыходзячым Днём народнага адзінства, падвёў вынік сустрэчы Аляксандр Бараноўскі. Ён акцэнтаваў увагу на тых змяненнях кожны год да лепшага ў нашай краіне, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне: асфальтаванне дарог, узвядзенне жылля, абнаўленне школьных будынкаў, дзіцячых садоў, раённага музея, рамонт аддзяленняў бальніц і іншае. І ўсё гэта дзякуючы працы людзей, якія ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці, робяць нашу дзяржаву моцнай і квітнеючай.
– Нам чужых земляў не трэба, але і сваёй мы не аддадзім, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Захоўваць мір, берагчы спадчыну продкаў і памнажаць здабыткі краіны – гэта наш агульны абавязак. А калі беларусы разам, для іх няма нічога немагчымага.
Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да сустрэчы кніжна-ілюстрацыйную выставу “Беларусь – краіна адзінства”, якая раскрывае ўнікальныя старонкі нашай гісторыі. А таксама прысутныя прынялі ўдзел у стварэнні інтэрактыўнай карты Беларусі, дзе кожны прымацаваў на ёй выяву бусла – сімвала нашай краіны і яе еднасці – са словамі, якія лічыць самымі важнымі каштоўнасцямі ў жыцці.




















