Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, аддзел маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ладзіў моўны квіз “Да роднай мовы крок зрабі”. Праверыць свае веды роднай мовы і адчуць смак гульні і спаборніцтва ўзяліся навучэнцы 7 “Б” класа ДУА “Гімназія №1 г. Дзятлава”. У конкурсе вясёлых і знаходлівых прынялі ўдзел дзве каманды: “Адважныя моўцы” і “Майстры слова”. Гульцоў чакала шмат конкурсаў і выпрабаванняў: чытанне верша (дэвізу) пра родную мову, “Рассыпаныя прыказкі”, “Мудрасць продкаў”, “Перакладчыкі”, “Загадкі-жарты”, “Музей народнага побыту”, “Заданні з таемнай скрыні”. У напружанай барацьбе перамагла каманда “Майстры слова” з перавагай у шэсць балаў. Дзякуй камандам за актыўны ўдзел і поспехаў ім у вывучэнні нашай роднай матчынай мовы.
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з парадам кніг “Топ-10 лепшых беларускіх пісьменнікаў”. Выстава стала сапраўдным падарожжам па старонкам айчыннай славеснасці: ад класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, да майстроў прозы — Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. Наведвальнікі змаглі не толькі пагартаць любімыя творы, але і адкрыць для сябе глыбіню роднай мовы праз трапнае слова і захапляльныя сюжэты.
Шануйце сваё, чытайце роднае!












