У рамках бібліятэчна-прававога праекта “Правы побач: інтэрактыўны ПЦПІ для ўсіх” у філіяле “Казлоўшчынская ГПБц” адбылася сустрэча наведвальнікаў бібліятэкі з участковым інспектарам Грышуком Віталіем Іванавічам. Падчас сустрэчы ён падрабязна расказаў, якімі хітрыкамі сёння карыстаюцца зламыснікі. Спіс іх метадаў даволі шырокі: ад стварэння падробленых сайтаў і званкоў “з банка” да банальных паведамленняў пра нечаканыя выйгрышы ці просьбаў аб дапамозе ад імя блізкіх. Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў групе рызыкі часцей за ўсё аказваюцца пажылыя людзі, якім бывае складана распазнаць падман. Каб не страціць свае зберажэнні, спецыяліст настойліва параіў прытрымлівацца некалькіх залатых правілаў: захоўваць канфідэнцыяльнасць, быць асцярожныя ў інтэрнэце і не паддавацца на націск незнаёмцаў, памятаць, што ўважлівасць і халодны розум — гэта самы надзейны бар’ер для злачынцаў. Такія прафілактычныя гутаркі вельмі важныя, бо яны дапамагаюць нам быць больш падрыхтаванымі да сучасных выклікаў і засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад непрыемнасцяў. Напрыканцы сустрэчы прысутныя змаглі задаць участковаму інспектару індывідуальныя пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы і практычныя парады. Такі фармат зносін у чарговы раз даказаў сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць, зрабіўшы прававую дапамогу для жыхароў Казлоўшчыны яшчэ больш даступнай.


