Памяць – гэта не проста веданне мінулага, гэта сувязь пакаленняў, якая дапамагае нам заставацца людзьмі і цаніць мірнае неба. 20 сакавіка супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі наведалі ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Дзятлава імя І.Ю. Філідовіча”. Сустрэча была прысвечана адной з самых балючых старонак нашай гісторыі – трагедыі спаленых вёсак. Гісторыка – патрыятычны час пад назвай “Печальный набат Хатыни” стаў для вучняў 11 класа не проста ўрокам мінулага, а шчырым напамінам пра тое, як важна берагчы мір і шанаваць подзвіг свайго народа. Падчас сустрэчы бібліятэкар нагадала, што гук хатынскіх званоў, які раздаецца над былымі вуліцамі кожныя 30 секунд – гэта не проста мелодыя, а вечны напамін аб сотнях спаленых вёсак і мільёнах ахвяр. Вучні пачулі гісторыю адзінага дарослага сведкі тых падзей – Іосіфа Камінскага, які стаў прататыпам знакамітага помніка “Непакорны чалавек”. Асаблівы акцэнт падчас размовы быў зроблены на трагедыі нашага роднага краю. Дзятлаўшчына – гэта зямля, якая моцна пацярпела ад фашысцкага тэрору. Сапраўдным болем у сэрцах прысутных адгукнуліся назвы вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні: Дубраўка, Вялікая Воля, Гарадкі, Трахімавічы, Дубароўшчына і інш. Многія з гэтых населеных пунктаў так і не адрадзіліся пасля вайны. Вучні з хваляваннем слухалі пра тое, як у полымі гінулі цэлыя сем’і, як нішчылася мірнае жыццё нашых землякоў. Да мерапрыемства была аформлена наглядная выстава – напамін “Хатынь … МЫ ПОМНИМ!”. “Печальный набат памяти” стаў шчырым дыялогам паміж мінулым і будучыняй, напамінам аб тым, што мы не маем права забываць.


