18 кастрычніка ў філіяле “Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка” адбылася незвычайная падзея — адкрылася выстава-інфарміна “Пісьменнікі і кнігі-юбіляры — 2025”. Гэты год багаты на славутыя імёны і творы, якія пакінулі яркі след у гісторыі літаратуры. Выстава стала магчымасцю па-новаму зірнуць на класіку, адкрыць для сябе знаёмыя з дзяцінства кнігі і пазнаёміцца з тымі, што часам выпадаюць з поля ўвагі. Госці маглі ўбачыць:
- творы К. Чукоўскага «Бармалей» і «Айбаліт», якім споўнілася 100 гадоў;
- кнігу С. Міхалкова «Дядя Стёпа» — 70 гадоў;
- аповесць А. Лінгрэн «Малыш и Карлсон» — 70 гадоў.
Каб зацікавіць юных чытачоў, супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі паказ некалькіх урыўкаў мультфільмаў, створаных па гэтых кнігах. Дзеці з захапленнем пазнавалі любімых герояў і яшчэ раз пераканаліся, што класіка жыве і сёння. У завяршэнне ўсіх прысутных запрасілі прыходзіць у бібліятэку, перачытваць і берагчы гэтыя творы. Бо менавіта праз старонкі кніг жыве сапраўдная магія — магія слова, фантазіі і памяці.





