Супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі правялі гадзіну памяці “Урокі мінулага супраць фашызму” для вучняў 10 класа ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”. Сустрэча была прымеркавана да Міжнароднага дня супраць фашызму, расізму і антысемітызму, які штогод адзначаецца 9 лістапада. Падчас мерапрыемства бібліятэкары нагадалі старшакласнікам гісторыю ўзнікнення гэтай памятнай даты. Асаблівую ўвагу вядучыя надалі важнасці захавання гістарычнай праўды ў наш час. Таксама бібліятэкары прэзентавалі вучням унікальнае інтэрактыўнае выданне з фонду бібліятэкі — “Генацыд беларускага народа. Спаленыя вёскі”. З дапамогай размешчаных у кнізе QR-кодаў гімназісты змаглі азнаёміцца з архіўнымі дакументамі, відэаролікамі і сведчаннямі відавочцаў, якія перажылі тыя страшныя гады. На заканчэнне сустрэчы прагучала галоўная выснова: мір, свабода і чыстае неба над Беларуссю — гэта найвялікшая каштоўнасць. Абавязак кожнага з нас — памятаць, якой цаной яны дасталіся, берагчы сваю краіну і ніколі не дапускаць нянавісці і жорсткасці.



