Да Дня бібліятэк у Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы – цэнтры агульнадаступнай інфармацыі прайшоў дзень адчыненых дзвярэй “Хто куды, а я – у бібліятэку”. На вокнах бібліятэкі была арганізавана выстава-заклік “Дзень бібліятэк”, у фае – фотавыстава “Бібліятэка – скарбніца ведаў”, дзе чытачы маглі ўбачыць работу бібліятэкі ў будні і святы розных гадоў. На свята завіталі вучні 2 класа са сваім класным кіраўніком. Для дзяцей была арганізавана забаўляльна-гульнёвая праграма “Героі казак на экране”. Яны адказвалі на пытанні мультвіктарыны, адгадвалі загадкі. Казачныя героі Воўк і Ліса прыйшлі на свята і правялі гульнёвую праграму. Лепшыя чытачы класа былі адзначаны падарункамі. У другой палавіне дня наведаліся чытачы, каб разам пагаварыць аб рабоце бібліятэкі, пагартаць альбомы, успомніць мінулы час. Вільчанка Ганна Рыгораўна пачала працаваць бібліятэкарам у вёсцы Студзераўшчына з 1951года. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі, паказала фотаздымкі.










