Жнівень — месяц дзіўных, шчодрых святаў Спасаў, якія ідуць, змяняючы адзін аднаго: мядовы, яблычны, гарэхавы. Само слова “Спас” азначае Спасіцель — Ісус Хрыстос. Менавіта яму праваслаўная царква і прысвячае гэтыя святы. Кожны з іх мае афіцыйную назву свята, а адкуль жа прыйшлі “смачныя” назвы? 24 жніўня адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага абʼяднання “Праменьчык”, што дзейнічае пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі для людзей з фізічна абмежаванымі магчымасцямі. Да Году гістарычнай памяці ў рамках бібліятэчнай мэтавай праграмы “На шляху да духоўнасці” для іх ладзіўся фальклорны жыццявір “Тры Спасы — тры запасы”, альбо сапраўднае свята трох Спасаў, была аформлена тэматычная выстава пад такой жа назвай. Асноўнай мэтай сустрэчы было дакрануцца да праваслаўнай культуры і ўспомніць народныя традыцыі святкавання Спасаў. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся пра кожны Спас, для іх прагучалі відэавіншаванні з пажаданнямі здароўя, міру і цяпла ў семʼях, даведаліся пра народныя прыкметы, па якіх нашы продкі вызначалі, якімі будуць восень, альбо зіма, падзяліліся рэцэптамі розных страў і напояў з сімвалаў свята. Добрага настрою і пазітыўных эмоцый дадалі народныя гульні “Трапны гарэх”, “Хвалёны яблык”, “Перадай яблычак”, танцавальны конкурс “Музычны яблык”. Напрыканцы мерапрыемства па добрай традыцыі запрасілі на “сталаванне” — адведаць мядок з макавым пірагом, яблычкамі і гарэшкамі паласавацца, загадаўшы “спасавае” жаданне, з надзеяй, што яно абавязкова збудзецца.