Пачатак верасня – гэта заўсёды час адкрыццяў, новых ведаў і шчырых усмешак. Менавіта ў гэтыя восеньскія дні Дзятлаўская раённая бібліятэка традыцыйна адчыняе свае дзверы для самых юных і дапытлівых гасцей, збіраючы вакол сябе новых сяброў. 2 верасня ў бібліятэцы было асабліва гаманліва і святочна: у госці да кніг завіталі першакласнікі гімназіі №1 г. Дзятлава. Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі падрыхтавалі для малых сапраўдны сюрпрыз – крэатыў –экскурсію пад назвай “Библиотека – волшебное место, где книгам не скучно, где всем интересно”. З першых хвілін дзеці трапілі ў атмасферу казкі і цудаў. Сапраўдным сюрпрызам для малых стала з’яўленне казачнай госці – Бабы Ягі, якая таксама завітала на экскурсію. Разам з бібліятэкарам яны паказалі дзецям, што кнігі ўмеюць “размаўляць”, адкрываць таямнічыя светы і дарыць сапраўднае чараўніцтва. Хлапчукі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю разглядалі яркія выданні, удзельнічалі у вясёлых інтэрактыўных гульнях і адгадвалі хітрыя загадкі ад Бабы Ягі, якая вельмі хацела іх заблытаць. Кульмінацыяй сустрэчы стала акцыя “А я теперь читатель”. Кожны маленькі госць адчуў сябе дарослым і важным наведвальнікам, бо цяпер у іх ёсць асаблівы статус – статус Чытача! Напрыканцы сустрэчы дзеці паабяцалі беражліва ставіцца да кніг і часта прыходзіць у госці па новыя гісторыі.












