Свята дзіцячай кнігі ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы набірае абароты! 25 сакавіка кніжныя паліцы ажылі, каб сустрэць наведвальнікаў аздараўленчага лагеру “Усмешка”, які працуе на базе сярэдняй школы №3 г. Дзятлава імя І.Ю. Філідовіча. Для юных аматараў чытання была падрыхтавана захапляльная конкурсная праграма “Ох уж, эти сказки”. У чытальнай зале дзяцей сустрэў вясёлы клоўн Клёпа. Сваімі жартамі і добрым настроем ён адразу задаў рытм усяму святу. Але галоўным сюрпрызам стала з’яўленне сапраўднага рыцара, які прынёс у атмасферу дух мужнасці і старажытных легенд. Разам з гэтай незвычайнай кампаніяй хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў чароўнае падарожжа па старонках любімых казак, дзе ўдзельнічалі ў пацешных і рухомых конкурсах, праходзілі іспыты на кемлівасць, адгадвалі таямнічыя загадкі. Падчас сустрэчы чытальная зала напоўнілася смехам, заўзятымі спрэчкамі і цеплынёй добрых казак. Кніга – лепшы спадарожнік канікул!








