Кажуць, што добрая кніга — гэта лепшы суразмоўца, а для жыхароў аддаленых вёсак яна становіцца яшчэ і сапраўдным акном у свет. Каб гэтае акно заставалася адчыненым для кожнага, бібліятэкар філіяла “Раклевіцкая сельская бібліятэка-клуб” у рамках праекта “КнігаЗКлопатам”  наведалася ў госці да сваіх самых адданых чытачоў.
Маршрут бібліятэчнага падворнага абходу пралёг праз вёску Малдуці. Тут нас заўсёды чакаюць з асаблівай цеплынёй. Для Сафіі Ігнатаўны Лях і Зоі Феліксаўны Радомскай візіт бібліятэкара — гэта не проста дастаўка літаратуры, а доўгачаканая сустрэча, напоўненая шчырымі размовамі і ўвагай.
«Самой дайсці да бібліятэкі ўжо цяжка, — прызнаецца Сафія Ігнатаўна, — а тут любімыя кнігі і часопісы прыносяць прама да хаты. Бібліятэкар заўсёды падкажа нешта цікавае, пацікавіцца здароўем. Пасля такіх сустрэч нават сіл становіцца больш!”.
Для Зоі Феліксаўны, чытачкі з вялікім стажам, кожны прыход “кніжнага дэсанта” — сапраўднае свята. Яна ўжо ведае, што будзе чытаць далей: летам — карысныя парады пра агарод, а доўгімі зімовымі вечарамі — захапляльныя раманы і дэтэктывы.
Праект “КнігаЗКлопатам” ствараецца дзеля таго, каб адлегласць і стан здароўя не былі перашкодай для сустрэчы з мудрым словам.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.