Мы працягваем падарожжа з краязнаўчым бібліякросам у дарозе ”Крыніцы жывой памяці” па маршрутах бібліятэкі – бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. У межах праекта–экспедыцыі ”Аб той зямлі, дзе ты жывеш. Маршрутамі Дзятлаўшчыны” жыхарам аддаленых і мала населенных вёсак Дзятлаўскага раёна прадстаўлена бібліяпанарама ”Зямлі маёй мінулыя гады. Міроўшчына:жывуць тут з мірам”. У верасні сустрэчы былі прысвечаны гістарычнай і культурнай спадчыне вёсак Міроўшчына, Пацаўшчына, Труханавічы, Хадзяўляны, Засецце. Гэтыя паселішчы маюць глыбокія карані і звязаны з гісторыяй старажытнай Дзятлаўшчыны.
Міроўшчына славіцца сваёй шляхецкай спадчынай: сядзіба Стравінскіх, паркавы комплекс з магутнымі ліпавымі алеямі і сажалкай, панскія агароды і ўнікальная прырода робяць гэта месца вельмі прывабным.
Аляксандр Канстанцінавіч Бяленка, вядомы пад псеўданімам Нікіфар Жальба, – адзін з найбольш самабытных паэтаў Дзятлаўшчыны, чалавек, які ўсё жыццё нёс у сэрцы любоў да Беларусі і свайго краю. На доме ў Труханавічах, дзе жыў Нікіфар Жальба, з’явілася памятная дошка. Гэта сімвалічны ўспамін пра чалавека, які пражыў цяжкае, але годнае жыццё і пакінуў шчырую паэтычную спадчыну свайму народу.
Бібліобус працягвае свой маршрут, каб адкрываць новыя старонкі гісторыі Дзятлаўскага краю.





