Навінавы шэраг папулярнага праекта бібліятэчнага тэатра кніжных прадстаўленняў “Магія чытання” папоўніўся яшчэ адной яскравай і незабыўнай сустрэчай. Гэтым разам супрацоўнікі аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду Дзятлаўскай раённай бібліятэкі завіталі ў госці да выхаванцаў ДУА “Дзіцячы сад №1 г. Дзятлава” і “Дзіцячы сад №2 г. Дзятлава”. Рабятам падаравалі захапляльны, павучальны і вельмі кранальны лялечны спектакль “Как ежик Ерофей осень искал”.
Разам з галоўным героем — дапытлівым вожыкам Ерафеем — маленькія гледачы выправіліся ў сапраўднае казачнае падарожжа. Юныя жыхары Дзятлава не проста назіралі за прыгодамі лялечных персанажаў, але і актыўна дапамагалі вожыку разгадваць асеннія таямніцы прыроды, шукаць прыкметы чароўнай пары года і вучыліся цаніць дружбу і ўзаема дапамогу.
Шчырыя дзіцячыя ўсмешкі, гучныя апладысменты і захапленне ў вачах малечы сталі найлепшай узнагародай для бібліятэчных акцёраў. Праект “Магія чытання” ў чарговы раз даказаў, што кніга і тэатр здольныя тварыць сапраўдныя цуды, ператвараючы звычайны дзень у чароўную казку і выхоўваючы ў дзяцей любоў да чытання з самага маленства.




