У кожнага з нас ёсць свой запаветны куток- месца, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі. Для жыхароў нашага раёна такім месцам з’яўляецца Дзятлаўшчына, край з багатай гісторыяй, непаўторнай прыродай і шчырымі людзьмі. Менавіта гэтай сувязі з роднай зямлёй, яе вытокамі і духоўнай спадчынай было прысвечана чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Праменьчык”, якое прайшло 29 верасня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы. Удзельнікамі сустрэчы сталі наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для ўдзельнікаў сапраўднае падарожжа – краязнаўчы дайджэст пад мілагучнай назвай “Куточак зямлі, што Радзімай завём”. Дзякуючы маляўнічым відэаматэрыялам і прэзентацыі, прысутныя здзейснілі падарожжа па самых прыгожых кутках Дзятлаўшчыны. Бібліятэкары расказалі пра мінулае і сучаснасць Дзятлаўскага краю. Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, душэўнай і сяброўскай атмасферы.



