“Цудоўная краіна — бібліятэка” — пад такой назвай прайшла захапляльная экскурсія для дзяцей у філіяле “Раклевіцкая сельская бібліятэка-клуб”. Падчас сустрэчы маленькія госці зрабілі свае першыя крокі ў свет кніжнай культуры. Бібліятэкар у даступнай форме пазнаёміла дзяцей з правіламі карыстання, кніжным фондам бібліятэкі і паводзін у храме ведаў. Каб замацаваць атрыманыя веды і падарыць дзецям добры настрой, хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі любімы мультфільм “Тры каты” і з азартам разгадвалі загадкі па папулярных казках. Сапраўдную цікавасць у малых выклікала выстава літаратуры: яны з вялікім задавальненнем разглядалі маляўнічыя кніжкі-малышкі, чароўныя казкі, яркія дзіцячыя часопісы, а таксама праявілі творчасць — разам размалёўвалі вясёлы алфавіт. Адметнай і самай душэўнай часткай экскурсіі стала наведванне краязнаўчага кутка “З бабулінага куфэрка”, якое адбылося ў межах рэалізацыі крэатыўна-пашуковага праекта “Хата продкаў у люстэрку часу”. Тут бібліятэкар запрасіла маленькіх удзельнікаў у сапраўднае падарожжа ў мінуўшчыну і пазнаёміла іх з унікальнымі прабабулінымі скарбамі — самабытнымі ручнікамі і прыгожымі вышыванкамі, якія захавалі цяпло рук нашых продкаў.
Экскурсія атрымалася не толькі пазнавальнай, але і вельмі цёплай. Дзеці пакідалі бібліятэку з усмешкамі і абяцаннем хутка вярнуцца па новыя кнігі!




