6 кастрычнiка у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ў рамках бібліятэчнага прававога праекта “Правы побач: інтэрактыўны ПЦПІ для ўсіх” прайшоў прававы навігатар “Право на достойную жизнь”, удзельнікамі якога сталі людзі паважанага ўзросту. Галоўнай мэтай сустрэчы было павышэнне прававой і фінансавай граматнасці пажылых людзей. Госцем мерапрыемства стала Чарняк Наталля Вікенцьеўна, галоўны спецыяліст аддзела пенсій і дапамог Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, якая падрабязна і даступна расказала пра дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу і іншыя віды матэрыяльнай падтрымкі, на якія могуць разлічваць пажылыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Пенсіянеры даведаліся пра апошнія навіны і змяненні ў пенсійным заканадаўстве, а таксама з дапамогай эксперта разабралі канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі і прававыя нюансы. Асобная ўвага была ўдзелена бяспецы. Удзельнікі абмеркавалі папулярныя схемы, якія выкарыстоўваюць зламыснікі, і атрымалі дакладныя практычныя рэкамендацыі, як паводзіць сябе ў выпадку сутыкнення з махлярамі, каб захаваць свае грошы і спакой. Каб замацаваць атрыманыя веды, для гасцей былі падрыхтаваны цікавыя заданні. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні тэматычнай віктарыны “Прававы компас”, выбіраючы правільныя варыянты рашэння прававых задач. Сустрэча падарыла ўсім удзельнікам не толькі каштоўныя веды, але і ўпэўненасць у заўтрашнiм днi.




