22 мая бібліятэчны тэатр кніжных прадстаўленняў “Магия чтения” аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду парадаваў выхаванцаў ДУА “ Дзіцячы сад №1 г. Дзятлава”. Супрацоўнікі правялі інтэрактыўнае мерапрыемства для выхаванцаў садка. Малышы ўбачылі лялечны спектакль па матывах рускай народнай казкі «Сестрица Алёнушка и братец Иванушка», а таксама сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі казачных падзей. На працягу тэатральнага дзеяння маленькія гледачы не проста назіралі за шырмай, а актыўна дапамагалі Аленушцы: дружна адгаворвалі непаслухмянага Іванушку піць з лужынкі і капытца; паўтаралі чарадзейныя словы і выконвалі спецыяльныя рухі, каб хутчэй раскалдаваць братку.
Пасля гучных апладысментаў казачным героям свята не скончылася. Бібліятэкары падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак вясёлыя рухомыя гульні: «Сабяры букет Аленушцы» — каманднае спаборніцтва, у якім дзеці дружна збіралі прыгожыя кветкі, кааб парадаваць і суцешыць галоўную гераіню; «Баравікі супраць мухамораў» — пазнавальная гульня на ўважлівасць і хуткасць, дзе дашкольнікі дапамаглі Іванушку сабраць грыбы, аддзяляючы карысныя баравікі ад небяспечных мухамораў.
Лялечны тэатр падараваў выхаванцам дзіцячага садка яркія эмоцыі, зарадзіў выдатным настроем і ў гульнявой форме нагадаў пра важнасць паслушэнства, дружбы і ўзаемавыручкі.
Дзятлаўская раённая бібліятэка працягвае радаваць сваіх самых юных чытачоў і чакае новых сустрэч!






