Праект бібліятэчнага тэатра кніжных прадстаўленняў “Магия чтения”, які рэалізуецца аддзелам маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, працягвае дарыць казачны настрой маленькім жыхарам горада.
25 чэрвеня лялечны спектакль завітаў да выхаванцаў ДУА “Дзіцячы сад №1 г. Дзятлава”. Малечам прапанавана лясное і дажджлівае прадстаўленне лялечны спектакль “Гриб-теремок” па матывах вядомай і любімай казкі У. Суцеева “Под грибом”. Гэтым разам сустрэча зноў прайшла ў займальным і вельмі папулярным фармаце “Сторытэлінг-тэатр”. Дзякуючы гэтаму, маленькія гледачы змаглі не проста назіраць за прыгодамі герояў, а сталі неад’емнай часткай самой гісторыі. Дзеці з задавальненнем уключыліся ў інтэрактыўную гульню “Гукі лесу”. Разам з вядучай яны вельмі таленавіта і дружна паказвалі, як шуміць летні вецер, як шэпчуцца зялёныя лісцікі, падаюць першыя рэдкія кроплі дожджыку і як пасля пачынаецца сапраўдны вясёлы лівень. Такое эмацыянальнае пагружэнне дапамагло дзецям цалкам растварыцца ў казцы і шчыра суперажываць лясным жыхарам. Казка наглядна паказала дзецям галоўнае правіла мудрага грыбка: “У цеснаце, ды не ў крыўдзе”, навучыла іх узаемавыручцы, дабрыні і сапраўднаму сяброўству.
Чэрвеньскія сустрэчы пакінулі пасля сябе шмат яркіх эмоцый, шчырых дзіцячых усмешак і гучных апладысментаў. Наперадзе дзяцей чакае яшчэ шмат цікавых і казачных кніжных сустрэч з бібліятэкай!








