Лета — гэта час яркіх уражанняў, верных сяброў і незабыўных прыгод! Дзятлаўская раённая бібліятэка запрасіла наведвальнікаў летніка “Усмешка”, што працуе на базе ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча” на дынамічную і захапляльную гадзіну вясёлых гульняў “Вот оно какое, наше лето!”. Настрой быў сапраўды летнім, бо ўсе конкурсы былі “пляжнага” накірунку. Праграма была напоўнена максімальным драйвам і выдатным настроем.
Прыгоды пачаліся з вясёлых гульняў-крычалак “А у нас, канікулы!” і “Вожыкі”, якія імгненна зараджалі ўдзельнікаў пазітывам. А далей дзяцей чакалі запальныя музычныя конкурсы:

  • Пляжны перапалох: у эстафеце “Зборы на пляж” хлопчыкі і дзяўчынкі праяўлялі неверагодную хуткасць, спрыт і ўменне збірацца на адпачынак за лічаныя секунды.
  • Танцавальны драйф: музычны батл “Пляжныя аніматары” ператвараў пляцоўку ў сапраўдную дыскатэку, дзе капітаны і іх каманды сінхронна і крэатыўна паўтаралі самыя забаўныя летнія рухі.
  • Музычны рух “Танцуючы паравозік”: перш чым дабрацца да пляжу, рабяты стваралі сапраўдны святочны цягнік. Пад запальную музыку “Летні экспрэс” імчаў па пляцоўцы, рабіў вясёлыя прыпынкі, каб кожны вагончык даехаў на пляж, што яшчэ больш згуртавала дзяцей.
  • Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго: фінальнае выпрабаванне “Музычныя астравы” паказала стопрацэнтнае адзінства. Каб выратавацца ад “марскога прыліву”, дзецям прыходзілася праяўляць сапраўдную ўзаемавыручку і літаральна абдымацца, каб утрымацца ўсёй камандай на адным маленькім астраўку!

Перамагла дружба, а ўсе ўдзельнікі атрымалі зарад бадзёрасці на ўсе канікулы.

By admin

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны.