17 чэрвеня ў рамках праекта бібліятэчнага тэатра кніжных прадстаўленняў «Магія чытання» аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работыі фарміравання бібліятэчнага фонду супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі падаравалі сапраўдную казку выхаванцам дзвюх устаноў горада — ДУА “Дзіцячы сад №2 г. Дзятлава” і ДУА “Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”. Адбыліся лялечныя спектаклі “Гриб-теремок” па матывах казкі У. Суцеева “Под грибом”.
Гэтым разам сустрэча прайшла ў займальным і вельмі папулярным фармаце “Сторытэлінг-тэатр”. Дзякуючы гэтаму, маленькія гледачы змаглі не проста назіраць за пастаноўкай спектакля, а сталі неад’емнай часткай самой гісторыі. Яшчэ да пачатку асноўнага дзеяння бібліятэкар запрасіла дзяцей у чароўны свет прыроды. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім азартам уключыліся ў інтэрактыўную гульню “Гукі лесу”.
Разам з вядучай яны вельмі таленавіта і дружна паказвалі, як шуміць летні вецер, як шэпчуцца зялёныя лісцікі, падаюць першыя рэдкія кроплі дожджыку, і як пасля пачынаецца сапраўдны вясёлы лівень.
Такое эмацыянальнае пагружэнне дапамагло дзецям суперажываць лясным жыхарам: яны шкадавалі мокрага Мураша, ратавалі далікатную Бабачку, пускалі грэцца Мышку і Вераб’я, а таксама адважна абаранялі палахлівага Зайку ад хітрай Лісы. Казка наглядна паказала дзецям галоўнае правіла мудрага грыбка: «У цеснаце, ды не ў крыўдзе», навучыла іх узаемавыручцы і сапраўднаму сяброўству.
Гэтыя сустрэчы пакінулі шмат яркіх эмоцый, шчырых дзіцячых усмешак і гучных апладысментаў. Наперадзе дзяцей чакае яшчэ шмат казачных кніжных сустрэч!













