11 кастрычніка ў рамках рэгулярнага выезду па маршруце №5 перасоўнай бібліятэкі–бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі – адбылася чарговая сустрэча. Гэтым разам бібліятэкары падрыхтавалі для асуджанных ПУ “Папраўчая калонія – пасяленне №26”, літаратурны агляд творчасці “Майстар на ўсе часы”, прысвечаны жыццёваму і літаратурнаму шляху выдатнага пісьменніка Міхаіла Булгакава. Падчас сустрэчы прысутныя змаглі акунуцца ў складаны, але надзвычай цікавы свет булгакаўскай прозы. Бібліятэкары пазнаёмілі з малавядомымі фактамі з біяграфіі аўтара, распавялі пра гісторыю стварэння яго знакамітых твораў, такіх як “Сабачае сэрца”, “Белая гвардыя” і сусветна вядомага рамана “Майстар і Маргарыта”. Творчасць Міхаіла Булгакава заўсёды выклікае жывую цікавасць, таму пасля заканчэння агляду многія з прысутных вырашылі бліжэй пазнаёміцца з кнігамі аўтара і ўзялі іх для чытання. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, пацвердзіўшы, што добрая кніга здольная натхняць і падтрымліваць чалавека ў любых жыццёвых абставінах.




