18 лістапада ў філіяле «Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка» ў рамках прафарыентацыйнай работы, накіраванай на развіццё і папулярызацыю прафесіі бібліятэкара, прайшло праф-інтэрв’ю «Прафесія бібліятэкар: погляд знутры». У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 10–11 класаў ДУА «Наваельнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук». Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі ветэраны бібліятэчнай справы, былыя супрацоўнікі ўстановы — Ларыса Яўгенаўна Адамчык і Лілія Юр’еўна Літвінская. Менавіта іх багаты прафесійны вопыт і жывыя ўспаміны зрабілі размову асабліва шчырай і захапляльнай. Падчас адкрытага дыялогу старшакласнікі мелі магчымасць задаць гасцям пытанні, якія іх найбольш цікавілі. Моладзь даведалася пра тое, як ветэраны прыйшлі ў прафесію, што было самым складаным у штодзённай рабоце і якія падзеі найбольш запомніліся за доўгія гады працы ў бібліятэцы. Акрамя гутаркі, удзельнікі пазнаёміліся з «закуліссем» бібліятэчнай справы і вывучылі важныя працоўныя дакументы:
- уліковыя формы і інвентарныя кнігі;
- дзённік работы бібліятэкі;
- сістэматычныя і алфавітныя каталогі.
Сустрэча атрымалася цёплай, пазнавальнай і змястоўнай. Спадзяёмся, што гэтая шчырая размова дапаможа старшакласнікам лепш зразумець значнасць працы з кнігай і стане для кагосьці першым крокам да ўсвядомленага выбару будучай прафесійнай дарогі.




