Час бязлітасна змывае з твару зямлі цэлыя гарады і цывілізацыі, але над некаторымі рэчамі ён не мае ўлады. На працягу амаль чатырох стагоддзяў над маляўнічым Дзятлавам узносіцца ў высь велічны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Храм – не проста застылая ў камені прыгажосць віленскага барока і архітэктурная жамчужына нашага краю. Гэта жывое сэрца горада, якое вось ужо 380 гадоў б’ецца ў адзіным рытме з лёсамі многіх пакаленняў дзятлаўчан, захоўваючы іх малітвы, надзеі і нязломную веру. Менавіта гэтай значнай, па-сапраўднаму святой для кожнага жыхара даце і была прысвечана духоўна–гістарычная гадзіна “Начало святого дела”, якая сабрала шматлікіх гасцей у сценах Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Падчас сустрэчы прысутныя здзейснілі сапраўднае падарожжа. Бібліятэкар нагадала гісторыю стварэння храма, пра архітэктурныя асаблівасці касцёла, які першапачаткова быў пабудаваны ў стылі ранняга барока, а пазней пасля пажару ў ХVІІІ стагоддзі, адноўлены ў шыкоўных формах віленскага барока дзякуючы старанням князя Мікалая Радзівіла.
Ганаровым госцем сустрэчы стаў пробашч дзятлаўскага касцёла ксёндз Яўген. Святар звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, падрэсліўшы важную ролю храма ў жыцці і гісторыі ўсяго раёна. Яго глыбокія роздумы аб веры, духоўнай пераемнасці пакаленняў і захаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў надалі мерапрыемству асаблівую цёплую і ўзнёслую амасферу.
Гісторыя дзятлаўскага касцёла – гэта не проста хроніка будаўніцтва, гэта гісторыя веры, мужнасці і стойкасці многіх пакаленняў нашых землякоў, якія збераглі святыню ў самыя складаныя часы. На мерапрыемстве гучалі словы пра тое, як важна сёння захоўваць гэтую спадчыну, перадаваць яе нашчадкам і паважаць свае карані. Духоўна – гістарычная гадзіна пакінула глыбокі след у сэрцах слухачоў, нагадаўшы кожнаму, што кожная цаглінка старажытнага касцёла – гэта жывая старонка нашай агульнай гісторыі і душы.







