Інфарміна “Твой безопасный мир” прайшла ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня барацьбы з сэксуальным гвалтам ва ўмовах канфлікту. Слухачамі і актыўнымі ўдзельнікамі сустрэчы сталі вучні старэйшых класаў гімназіі №1 г. Дзятлава. Падчас інфарміны супрацоўнікі бібліятэкі разам з гімназістамі абмеркавалі шэраг складаных, але неабходных пытанняў. Чаму свет звяртае ўвагу на праблему гвалту менавіта ў кантэксце канфліктаў і якія міжнародныя нормы абараняюць правы чалавека. Як распазнаць пагрозу і не стаць ахвярай маніпуляцый у сучасным свеце. Куды і да каго звярнуцца за падтрымкай, калі чалавек адчувае небяспеку. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала выступленне псіхолага ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна” Алены Макоўскай. Спецыяліст здолела перавесці складаную тэму ў фармат даверлівай і шчырай размовы. Асноўны акцэнт у выступленні быў зроблены на практычнай дзейнасці. Гэта дапамагло вучням убачыць, як тэорыя бяспекі працуе ў жыцці, і зразумець, што праблемы, якія падаюцца далёкімі, могуць закрануць кожнага. Былі дадзены канкрэтныя парады, як захоўваць самавалоданне, як сказаць “не”. Дзякуючы жывому прыкладу і прафесійнаму погляду, гімназісты змаглі не проста пачуць інфармацыю, але і прапусціць яе праз сябе, атрымаўшы дзейсныя інструменты для абароны свайго “бяспечнага свету”.






