У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшло кранальнае і важнае мерапрыемства — гістарычны хранограф “Тот самый первый день войны”, прысвечаны 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэча аб’яднала розныя пакаленні: ганаровымі гасцямі сталі людзі сталага ўсросту, а таксама выхаванцы летнягавыхаваўча-аздараўленчага лагера “Эрудыт” ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”. Падчас мерапрыемства бібліятэкары падрабязна аднавілі храналогію трагічных падзей 22 чэрвеня 1941 года. Асаблівая ўвага была ўдзелена гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, якая першай прыняла на сябе ўдар ворага, і несмяротным подзвігам савецкіх салдат, якія праявілі неверагодную мужнасць у першыя гадзіны вайны. Былі прадэманстраваны відэа “Довоенный вальс”, “Брестская крепость” і іншыя. Візуальныя кадры хронікі дапамаглі дзецям і дарослым убачыць маштаб трагедыі і веліч народнага подзвігу. Адметнай і вельмі хвалюючай часткай сустрэчы стала выступленне мясцовай настаўніцы і паэткі Лакізы Раісы Уладзіміраўны. Яна змагла знайсці асаблівыя словы для юных слухачоў і крануць сэрцы старэйшага пакалення. Раіса Уладзіміраўна падзялілася асабістымі ўспамінамі, якія беражліва захоўваюцца ў яе сям’і, і расказала, які глыбокі след пакінула вайна ў лёсах яе блізкіх. Кульмінацыяй яе выступлення стала чытанне аўтарскага верша, прысвечанага ваеннаму ліхалеццю. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжна-ілюстрацыйная выстава “22 чэрвеня 1941 года”. На ёй прадставілі фактаграфічныя матэрыялы і кнігі, якія расказваюць пра пачатак ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. Сустрэча пакаленняў стала важным крокам у захаванні гістарычнай памяці і выхаванні пачуцця патрыятызму ў моладзі.






