Мы працягваем падарожжа з краязнаўчым бібліякросам у дарозе ”Крыніцы жывой памяці” па маршрутах бібліятэкі – бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. У межах праекта–экспедыцыі ”Аб той зямлі, дзе ты жывеш. Маршрутамі Дзятлаўшчыны” жыхарам аддаленых і маланаселеных вёсак Дзятлаўскага раёна прадстаўлена бібліяпанарама ”Тут карані, адсюль вытокі. Агароднікі: вадзяныя струмені жыцця”. Вёска Агароднікі ў Дзятлаўскім раёне размешчана ў маляўнічай пойме ракі Моўчадзь, якая разам з падземнымі крыніцамі з’яўляецца галоўным водным рэсурсам мясцовасці. Гістарычнай славутасцю вёскі з’яўляецца старадаўні вадзяны млын, які выкарыстоўваў сілу ракі для памолу збожжа. Шкада, што ў наш час захаваліся толькі рэшткі млына. Таксама наведвальнікаў бібліятэкі–бібліобуса зацікавіць інфармацыя аб гістарычных славутасцях аграгарадка Белагурна. Ад старадаўняў сядзібы, закладзенай тут у пачатку XVIII стагоддзя, захавалася не шмат. Першапачаткова маёнткам валодалі Валовічы, а апошнімі гаспадарамі, з першай паловы XIX стагоддзя, быў род Ельскіх. Захаваліся часткі гаспадарчага двара XIX – XX стагоддзя. На адной з пабудоў двара захавалася выкладзеная з каменчыкаў дата “1823”. Ад прысядзібнага парку засталіся адзіночныя дрэвы і сажалкі. На могілках у паўразрушаным стане стаіць радавая капліца – пахавальня ўладальнікаў маёнтка, якая была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Маўкліва стаяць рэшткі млына пабудаванага з каменняў.





