“Як не дрэвам, хоць кветкай для жывых” пад такой назвай прайшоў паэтычны этюд у філіяле “Дварэцкая сельская бібліятэка сямейнага чытання” і прысвечаны ён быў вядомаму беларускаму пісьменніку Нілу Гілевічу. Яго творчую спадчыну цяжка змясціць у адно вызначэнне: ён пісаў вершы і паэмы, даследаваў беларускую літаратуру і народную песню, збіраў фальклор, перакладваў творы замежных аўтараў, ствараў драматычныя творы, публіцыстыку. Пры гэтым цэнтральным для ўсёй яго творчасці заставалася слова – роднае, жывое, пачутае ў дзяцінстве і пранесенае праз усё жыцццё. Яго творы гучаць не як літаратурныя імітацыі, а як працяг народнага голасу – шчырага, багатага, поўнага смутку і радасці, якім Ніл Гілевіч захапляўся і якім прасякалася ўсё яго пісьменства.

