Нягледзячы на тое, што на двары восень, ласкава ўсміхаецца восеньскае сонейка, сённяшні дзень атрымаўся вясёлы і запамінальны. Ды ён і не мог быць іншым…! Бо колькі ў бібліятэцы сканцэнравана энергій вялікіх і рамантычных розумаў самых розных часоў і нацыянальнасцяў. У Дзень бібліятэк супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі аддзела абслугоўвання і інфармацыі правялі рэкламна — іміджавую міні – акцыю «Бібліятэка – адкрытая для ўсіх». Мэта правядзення міні-акцыі — прарэкламаваць яшчэ раз бібліятэку, яе магчымасці і рэсурсы, творчы патэнцыял, а самае галоўнае – падараваць жыхарам нашага горада добры настрой. 15 верасня бібліятэчная акцыя прайшла ў выглядзе міні-апытання «Што для Вас значыць бібліятэка?». Усяго карыстальнікам бібліятэкі было зададзена 6 пытанняў, на якія трэба было даць адказ адным-двума словамі: «Я прыйшоў у бібліятэку і…», «Бібліятэкар сустракае мяне…», «У бібліятэцы адчуваю сябе…», «Для мяне бібліятэка-гэта…», «Я выходжу з бібліятэкі… », «Я жадаю бібліятэцы…». Апытана было шмат чалавек. Вынікі, вядома, вельмі радуюць. Бібліятэка, на думку жыхароў горада, гэта месца сустрэчы з цікавымі людзьмі, храм кнігі, аптэка для душы, крыніца ведаў. І пакідаюць яны бібліятэку акрыленымі, задаволенымі, з прыпаднятым настроем, у прадчуванні новых сустрэч, жадаючы бібліятэцы росквіту, творчасці і каб яна была вечна. У бібліятэцы чытачы адчуваюць сябе як дома, камфортна, утульна. Гэта сведчыць аб тым, што ніякі Інтэрнэт, іншыя паслугі не змогуць замяніць бібліятэку. Наведвальнікам бібліятэкі былі падараваны буклет «Бібліятэка – адкрытая для ўсіх» і закладкі з запрашэннем у бібліятэку. Бібліятэка чакае сваіх чытачоў.





