Адна з новых форм работы сучасных бібліятэк «open air» пачынае ўкараняцца і ў нашым раёне. «Open air» — гэта мерапрыемства, якое праходзіць на адкрытым паветры. Мэта яго — стымуляваць цікавасць да кнігі ў тых, хто стаміўся ад тэлевізара ды інтэрнэту, пацешыць і далучыць да чытання дзяцей.
30 жніўня Казлоўшчынская бібліятэка прыняла ўдзел у раённай акцыі «Бібліятэка Open air». На сонечнай пляцоўцы перад бібліятэкай былі ўсталяваныя сталы з масай забаўляльных і пазнавальных кніг, настольнымі гульнямі, кніжная выстава з кнігамі і часопісамі. Гэта выклікала цікавасць і ў дзяцей, і ў дарослых. Многія, узяўшы часопісы, размясціліся тут жа ля выставы і з карысцю бавілі час.




