Напярэдадні свайго прафесійнага свята прымалі віншаванні, пажаданні і падзякі тыя, хто сваёй творчасцю, любоўю да выбранай прафесіі сагравае сэрцы іншых, хто стварае святочны настрой усім, хто адчыняе кожнаму чалавеку запаветныя дзверцы ў свет цудоўнага – гэта работнікі культуры нашага раёна.
Святочнае мерапрыемства для іх прайшло ў Дзятлаўскім цэнтры культуры. А перад пачаткам канцэрта ў фае працавала імправізаванае кафэ, арганізаванае пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі ўстановаў культуры, куды запрасілі былых работнікаў галіны. Як адзначылі самі госці, вельмі прыемна, што іх не забываюць, запрашаюць на святы, што выдалася такая цудоўная нагода ўбачыцца, пагаварыць, падзяліцца навінамі, даць парады ў рабоце маладому пакаленню.
Работнікаў, ветэранаў працы культуры віншавалі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка. Наталля Яўгенаўна ўзнагародзіла старанных работнікаў граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сярод якіх і бібліятэчныя работнікі: бібліятэкар ІІ катэгорыі аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры Ларыса Ёда, бібліятэкар І катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Марына Лапушка, бібліятэкар ІІ катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Вялічка.
Свой артыстызм і пачуццё гумару паказалі работнікі бібліятэкі, прадставіўшы сцэнку “Лявоніха на арбіце”.










