Папулярызацыя сацыяльна значнай літаратуры і знаёмства падрастаючага пакалення з багаццем беларускага слова застаюцца важнымі кірункамі працы бібліятэк. Менавіта з гэтай мэтай для маленькіх выхаванцаў ДУА “Дварэцкі яслі-сад” была арганізавана інфармацыйная выстава-агляд “Суквецце родных дзіцячых кніг”. Падчас сустрэчы бібліятэкар прэзентавала дзецям яркія навінкі беларускіх аўтараў, якія паступаюць у кніжны фонд. Асаблівую цікавасць у малых выклікалі наступныя выданні:
- Вялікая кніга загадак “Сядзяць паненкі ў чырвоных сукенках” — зборнік, у які ўвайшлі фальклорныя і аўтарскія загадкі. Яны цудоўна развіваюць фантазію, кемлівасць і дапамагаюць дзецям больш даведацца пра навакольны свет.
- Кніга Васіля Віткі “Чытанка-маляванка” — выданне, адрасаванае самым маленькім чытачам. Яно складаецца з вясёлых лічылак, загадак, жартаў, баяк, самагудкаў, перакрутак, пацешак і гумарэсак.
Акрамя таго, дзеці пазнаёміліся з маляўнічымі кнігамі, якія расказваюць пра нашу краіну — Беларусь, яе непаўторную прыроду і вясёлыя летнія забавы. Гэтыя выданні дапамагаюць дзецям з маленства авалодаць граматай, далучыцца да чытання і палюбіць роднае слова, як гэта рабіла ўжо не адно пакаленне беларусаў.



