8 ліпеня супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі завіталі ў госці да выхаванцаў ДУА “Дзіцячы сад №1 г. Дзятлава”. Для дзяцей ладзілі яркі і павучальны спектакль па асновах АБЖ “Береги себя сам”. Гэта цікавая прафілактычная і творчаясустрэча прайшла ў рамках праекта бібліятэчнага тэатра кніжных прадстаўленняў “Магія чытання” аддзела маркетынгу.
Казачныя героі ў гульнявой і даступнай форме паказалі хлопчыкам і дзяўчынкам, як важна быць уважлівымі ў паўсядзённым жыцці. Разам з галоўным героем Зайчыкам маленькія гледачы вучыліся правільна рэагаваць на розныя небяспечныя сітуацыі. Дзеці шчыра хваляваліся за маленькую і вельмі цікаўную Мышку, якая сунула пальчыкі ў “небяспечную норку” — электрычную разетку. Разам з мудрай і праніцальнай Лісой хлопчыкі і дзяўчынкі ратавалі Зайчыка ад хітрага Ваўка, які спрабаваў заманіць галоўнага героя ў машыну салодкай цукеркай.
Малечы актыўна ўдзельнічалі: падказвалі героям правільныя адказы, паўтаралі нумары экстраных службаў і дружна засвоілі галоўнае правіла — ніколі не размаўляць з незнаёмцамі і строга выконваць парады дарослых.
Дзякуючы лялечнаму спектаклю, правілы бяспекі ператварыліся для дашкольнікаў у захапляльную і вельмі карысную казку, якая падарыла ўсім шмат шчырых усмешак і станоўчых эмоцый!










