У філіяле “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка” прайшоў шэраг адметных мерапрыемстваў, якія аб’ядналі чытачоў вакол кнігі, сямейных каштоўнасцей і родных традыцый. Да Дня сям’і ў бібліятэцы адбыўся літаратурны подыум “Давайце любімыя кніжкі адкрыем”. Наведвальнікі сабраліся разам, каб падзяліцца цеплынёй сямейных гісторый і любоўю да чытання. У надзвычай душэўнай атмасферы кожны меў магчымасць расказаць пра сваю сям’ю, унікальныя традыцыі і захапленні. Асабліва прыемна было чуць пра літаратурныя прыхільнасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Свята напоўнілі займальныя інтэрактыўныя конкурсы:
- “Народная мудрасць” — праверка ведаў прыказак і прымавак;
- “Аб чым ідзе гаворка?” — разгадванне літаратурных загадак;
- “Дом маёй мары” — стварэнне вобраза ідэальнага сямейнага жылля.
Прадоўжыў свята майстар-клас “Кніга ў арнаменце”. Яго галоўнай мэтай было стварэнне ўнікальных кніжных закладак, якія спалучаюць любоў да чытання і багатую спадчыну беларускага народа. Удзельнікі з натхненнем акунуліся ў працэсы:
- Выразалі з паперы прыгожыя васількі — сімвал нашай роднай прыроды;
- Упляталі іх у складаныя ўзоры беларускага арнаменту.
Кожны элемент выконваўся з любоўю і стараннасцю. Гэтая творчая сустрэча нагадала ўсім прысутным, як важна захоўваць культурную спадчыну, заставацца бліжэй да сваіх каранёў і адчуваць сябе часткай вялікай і моцнай культуры.









