Лялечны тэатр — гэта заўсёды свята, якое дорыць дзецям яркія эмоцыі і павучальныя гісторыі. 4 жніўня на базах ДУА “Дзіцячы сад № 1 г. Дзятлава” і ДУА “Дзіцячы сад № 2 г. Дзятлава” адбылася пастаноўка лялечнага спектакля “Ленивый Зайка”. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі творчага праекта бібліятэчнага тэатра кніжных прадстаўленняў “Магія чытання” аддзела маркетынгу.
Спектакль напоўніўся вясёлым інтэрактывам, дзе маленькія гледачы сталі непасрэднымі ўдзельнікамі казкі. Калі галоўны герой — зайка — прытварыўся хворым, каб не працаваць, дзеці шчыра вырашылі дапамагчы мудраму Ёжыку і Мішку вылечыць хворага. Але ж гультайства змагла вылечыць толькі хітрая Ліса. Падчас захапляльнай гульні хлопчыкі і дзяўчынкі збіралі для зайкі карысную гародніну, грыбы і спелую маліну. Гэты інтэрактыў дапамог малечы зразумець шкоду ляноты і важнасць праўды.
Сустрэча завяршылася прыемнымі і карыснымі падарункамі: размалёўкі з казачнымі героямі атрымаў кожны маленькі глядач на памяць аб сустрэчы; рэкамендацыйныя спісы літаратуры былі перададзены дзецям для іх бацькоў; карысныя парады ў спісах пазнаёмілі дарослых з тэматыкай пастановак і патлумачылі, чаму важна прачытаць кожную з прапанаваных кніг.
Супрацоўнікі бібліятэкі праз тэатралізацыю паказалі дзецям, што чытанне — гэта чароўнае падарожжа. Сустрэча пакінула шмат усмешак, апладысментаў і станоўчых эмоцый у выхаванцаў і педагогаў.












