18 чэрвеня ў філіяле «Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка» прайшоў вечар-рэквіем «Нету срока давности», прысвечаны Дню Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Мерапрыемства было накіравана на захаванне гістарычнай праўды і патрыятычнае выхаванне насельніцтва. Сустрэча пачалася з прагляду дакументальнага відэароліка. Кадры ваеннай хронікі яшчэ раз нагадалі ўсім прысутным аб страшных маштабах трагедыі мірнага насельніцтва ў гады вайны. Цэнтральнай часткай памятнага вечара стала знаёмства з унікальнымі краязнаўчымі матэрыяламі, якія беражліва захоўваюць памяць аб падзеях на Дзятлаўскай зямлі:
- Альбом «Помнім. Ганарымся. Дзякуем»: удзельнікі мерапрыемства з хваляваннем гарталі старонкі гэтага выдання, дзе сабраны неацэнныя сведчанні мужнасці, стойкасці і нязломнага духу нашых землякоў.
- Тэматычная папка «Генацыд на Дзятлаўшчыне»: асаблівую цікавасць і водгук у сэрцах прысутных выклікалі сабраныя ў ёй дакументальныя факты, архіўныя дадзеныя і сведчанні відавочцаў. Гэтыя матэрыялы наглядна паказваюць, як жорстка вайна закранула жыццё кожнага жыхара нашага раёна.
Завяршыўся вечар-рэквіем хвілінай маўчання. Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых абаронцаў Радзімы і бязвінных ахвяр нацысцкага рэжыму, чые жыцці забрала Вялікая Айчынная вайна.





