27 жніўня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ярка і незабыўна завяршыла сваю працу летняя інтэрактыўная пляцоўка пад адкрытым небам “БібліяАрбат”, якая праходзіла кожны першы і чацвёрты чацвер месяца. У гэты дзень удзельнікаў сустракалі вясёлыя клоўн Клёпа, клоўн Чыжык, а таксама самы лепшы ў свеце знаўца вясёлых забаў – неўтаймаваны Карлсан. Яркай кропкай летняга чытання і забаў стала гульнёвая праграма “Финальный аккорд книжного лета”, якая сабрала разам самых актыўных і дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак.Заключнае мерапрыемства прайшло ў атмасферы сапраўднага свята. Дзеці прынялі ўдзел у рухомых і лагічных конкурсах. Паказалі выдатныя веды, разгадваючы загадкі і пазнаючы любімых кніжных герояў. На працягу ўсіх трох месяцаў канікул “БібліяАрбат” заставаўся сапраўдным цэнтрам прыцягнення для дзяцей і падлеткаў. Супрацоўнікі бібліятэкі ладзілі тут захапляльныя падарожжы ў свет кніг, квэсты, віктарыны і майстар – класы. Самым хвалюючым і прыемным момантам сустрэчы стала цырымонія ўзнагароджання. Падчас закрыцця пляцоўкі былі падведзены вынікі летняга конкурсу чытання “Білет у лета”. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі. Інтэрактыўная пляцоўка “БібліяАрбат” развіталася з гасцямі да наступнага года. Аднак дзверы Дзятлаўскай раённай бібліятэкі заўсёды адкрыты для сяброў. Наперадзе – новы навучальны год, а значыць, і новыя сустрэчы з цікавымі кнігамі!














