13 красавіка супрацоўнікі дзяржаўнай установы культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка” прынялі ўдзел у міжрэгіянальным фестывалі «PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени», які ладзіўся ў г.п. Карэлічы Гродзенскай вобласці. Фестываль быў прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці. Кожнай бібліятэцы-удзельніцы была прадастаўлена пляцоўка для афармлення сваёй зоны. Дзятлаўская раённая бібліятэка прадставіла кніжную экспазіцыю “Мая малая радзіма – мая Дзятлаўшчына” у намінацыі “Добрыя справы для малой радзімы”. Экспазіцыя складалася з наступных раздзелаў: “520 гадоў слаўнаму гораду”, “Уладальнікі Дзятлава”, “Дзятлаўшчына віртуальная”, “Малая радзіма знакамітых землякоў”, “Кірмаш творчых ідэй”. Госці і ўдзельнікі фестывалю маглі пазнаёміцца з гісторыяй нашага горада, што сягае ў глыбіню вякоў, з літаратурай аб славутых земляках, якімі ганарыцца дзятлаўская зямля, з бібліятэчнымі праектамі і праграмамі, якія ладзяць бібліятэкі дзяржаўнай установы культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка” у рамках Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі. Пасля падвядзення вынікаў дзяржаўная установа культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка” атрымала перамогу ў намінацыі “Добрыя справы для малой радзімы” і ўзнагароджана дыпломам і памятным кубкам.



