17 лютага, традыцыйна, бібліятэчны тэатр кніжных прадстаўленняў “Магия чтения” аддзела маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, зноў адчыніў чароўны куфэрак ларэц “КнігаЧЭЯ” для маленькіх гледачоў. Ён пабываў у гасцях у выхаванцаў ДУА “Дзіцячы сад №2 г. Дзятлава”. Іх таксама чакала незабыўная сустрэча з казкай, якая напоўніла залу радасным дзіцячым смехам і шчаслівымі вачыма.
З куфэрка зноў ажылі персанажы лялечнага спектакля “Падарунак для сонейкі”. З першых хвілін пастаноўка зачаравала дзяцей сваёй казачнай атмасферай. Прыгожыя лялькі, чароўная музыка і захапляючы сюжэт не пакінулі абыякавым ніводнага малога гледача. Дзеці сачылі за прыгодамі галоўнай гераіні Алёнкі, шчыра суперажываючы ёй у няпростай, але такой важнай місіі – даставіць падушку для сонейкі.
У чарговы раз казка нагадала дзецям аб важнасці дабрыні, спагады і сяброўскай падтрымкі. Простыя, але вельмі важныя сакрэты дабрыні застануцца ў памяці кожнага дзіцяці. Напрыканцы сустрэчы для маленькіх гледачоў была арганізавана памятная фотасесія. Малечы з задавальненнем фатаграфаваліся з любімымі героямі, а таксама з прыгожымі кнігамі, якія сталі часткай іх чароўнага падарожжа. Фотаздымкі на доўгія гады захаваюць уцеху і цёплыя ўспаміны аб цудоўным дні, праведзеным у казачным свеце.



